Віталь Гуркоў

Заслужаны майстар спорту Беларусі

 

Год нараджэння: 1985.

Вагавая катэгорыя: 70-75 кг.

Рост: 186 см.

Краіна: Беларусь.

Заслужаны майстар спорта Беларусі.

Чэмпіён свету сярод прафесіяналаў (WBC Muay Thai, 2013).

Чэмпіён свету (IFMA ― 2008, 2009, 2011; WMF ― 2004, 2005, 2006, 2007; IAMTF ― 2003).

Чэмпіён Еўропы (IFMA ― 2009, 2010; WAKO ― 2006).

Пераможца Еўрапейскага Гран-пры К-1 2010.

***

Віталь нарадзіўся ў мінскім раёне Сляпянка. Займацца тайскім боксам пачаў у 12-гадовым узросце. Калі яму споўнілася 16, упершыню выступіў на дарослым чэмпіянаце свету і сенсацыйна перамог. Паступова Віталь падымаўся ў вагавай катэгорыі і стабільна перамагаў. Золата ён браў у вазе 60 кг, 63,5 кг, 67 кг, 71 кг. Гуркоў з’яўляецца адным з самых моцных байцоў у гісторыі чэмпіянатаў свету.

Каронкай Віталя Гуркова лічыцца клінч ― элемент барацьбы ў тайскім боксе (дазваляецца дужацца з супернікам, скручваць яго, біць каленямі). Але з 2009 года Віталь пачаў удзельнічаць у прафесійных паядынках па нязручных для сябе правілах ― кікбоксінгу і K-1. Клінч тут забаронены, спартсмены выступаюць без абарончай амуніцыі. У сакавіку 2010-га Гуркоў стаў чэмпіёнам Еўропы па К-1.

Пасля фінальнага двубою тэлеканал БТ браў у яго інтэрв’ю. Упершыню ў спартыўнай гісторыі  незалежнай Беларусі спартсмен загаварыў па-беларуску на публіцы. У 2013-ым годзе Гуркову надарылася першая ў жыцці магчымасць пазмагацца за тытул чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў па муай-тай. Ён перамог знакамітага тайца Кема Сітсонгпінонга і атрымаў пояс WBC Muay Thai.